У сучасным свеце быць старым ці хворым стала не проста нямодна, а нібы нават сорамна. Культ маладосці і здароўя паўсюдна: серыялы спрэч аб маладых, ток-шоў «заточаны» на вечна юных зорак, бо тыя, што ўжо не маладыя ці не выглядаюць такімі, выпадаюць з абоймы як «нефармат». Старых нібы і не існуе, хоць статыстыка сведчыць, што насельніцтва Беларусі, як і большасці еўрапейскіх краін, у асноўным складаецца з пажылых людзей.
Да таго ж састарэлым нібы адмоўлена ў самай чалавечай патрэбе — каханні. Калі табе далёка «за…», расхожай мараллю прадпісваецца жыць для дзяцей, унукаў, але ніяк не для сябе. Бо планіда пенсіянера — дажываць, колькі б дзясяцігоддзяў не было яшчэ адмерана.
Пераламіць стаўленне да пажылых як да адпрацаванага жыццёвага матэр’ялу трэба спачатку на бытавым узроўні. Хто, напрыклад, сказаў, што пенсіянер не мае права на пачуцці, прыхільнасці, шчасце!

Не варта напамінаць, што жыццё даецца нам толькі аднойчы. Сваім прыкладам гэта сцвярджаюць адзінкі пажылых. Тэмпераментная, завадная жанчына-агеньчык Еўдакія, ураджэнка вёскі Шалухоўка Веткаўскага раёна, сваім аптымізмам, сілай жыццёвай энергіі сцвярджае права быць шчаслівым у любым узросце насуперак усяму.
Першая сустрэча з ёю адбылася ў Прыснянскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых і інвалідаў. Месца, праўду кажучы, невясёлае: хто застаўся зусім адзін, а хто і ад радні з’ехаў пад казённы дах. У бабы Дуні дзеці ёсць, яна на іх не мае падстаў скардзіцца: сын і прыязджае, і грошы прысылае. Не безвыходнасць прывяла сюды, а патрэба ў чалавечых зносінах.
Ходзіць бабулька на двух кійках, але так жвава, што яе не назавеш бездапаможнай. Яна добра ведае ўсе свае заганы і слабасці, адна з якіх — прыбірацца. Модніца лічыць, што ўзрост за 80 — не падстава, каб не фарсіць. Яе ўборы традыцыйныя для беларускай бабулькі, але такія ахайныя, свежыя, з выдумкай. Па некалькі разоў у дзень яна не лянуецца змяніць строй, памяняць аксесуары.
Тут жа, у доме састарэлых, у бабы Дуні з’явіліся паклоннікі. А чаму не? Нічога ненатуральнага: душа жывая ў любым веку. Васіль і Павел спаборнічалі за ўвагу яркай жанчыны. Еўдакія выбрала ўрэшце Васіля. І калі дама рашыла перабрацца бліжэй да родных мясцін, пад Свяцілавічы, у аддзяленне сястрынскага догляду мясцовай бальніцы, то і кавалер рушыў за ёй, хоць яго радня жыве зусім побач з Прысно. Васіль кожныя выхадныя ездзіў да родных, папарыцца ў лазні, пабачыцца з раднёй. Але ўсё-такі паехаў з Дуняй. Чалавечая сардэчная прывязанасць пераважыла, тым больш што ў адносінах радні нічога і не змянілася.
Без гэтага вясёлага любоўнага трохкутніка, на які з захапленнем усе глядзелі, у прыснянскім аддзяленні стане не так весела, але ў свяцілаўскім, відавочна, наадварот. Нестарэючая душой пара дасць яшчэ жару.
У доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў «Шубіна» ёсць таксама тыя, хто лічыць, што стары не той, каму гадоў багата, а той, хто з маладосці скіс. Міхаілу за семдзесят, ён ужо тры гады жыве ў доме састарэлых. Па казённых мерках, ён ляжачы, бо абмежаваны ў руху. Але са старонняй дапамогай ці з кульбай ён рухаецца, і душой стараецца не закаснець. Мужчына ніколі не спісваў сябе з каманды моцнага полу, спрабаваў завязваць адносіны, знаёміцца, пісаць лісты.
Два гады назад ва ўстанове з’явілася Тамара, якая атрымала інваліднасць у выніку аварыі. Спачатку яна проста дапамагала іншым насельнікам дома — каму вады прыносіла, каго да туалета суправодзіла. Без узаемавыручкі тут цяжкавата. Неўзабаве двое адчулі роднасць душ, і для Міхаіла яна стала не проста сяброўкай, а дамай сэрца. Іх цёплыя адносіны далі яму новы імпульс да жыцця, адрадзілі цікавасць да прагулак, кніг. (Дарэчы, самыя папулярныя ў шубінскім доме-інтэрнаце жанры для чытання — дэтэктывы і раманы, асабліва любоўныя: чым не доказ цікавасці да гэтай сферы жыцця?) Тамара прыносіць літаратуру сабе і сябру, разам ходзяць у лес, на рэчку. Радня абодвух ставіцца да гэтых адносін з разуменнем. Дочкі Тамары, праведваючы маці, адзначаюць, што яна стала адказней, раўней у паводзінах, стала культурна арганізоўваць вольны час. Дзеці Міхаіла таксама хутчэй парадуюцца за бацьку, што знайшоў апору духу.
Так радня рэагуе далёка не заўжды. Інваліды, нават маладзейшыя за раней узгаданых герояў, маюць не меней праблем з уладкаваннем асабістага пытання.
Наталля рашыла пайсці ў дом-інтэрнат сама. Першы шлюб скончыўся яшчэ да няшчаснага дня, калі жыццё раскалолася на «да» аварыі і «пасля». Чатыры гады таму Наталля прыйшла сюды, хоць у яе былі бацькі і сын-падлетак. Бацькі былі супраць. Былі яны супраць і калі даведаліся, што іх новым зяцем стане Сяргей, былы асуджаны, інвалід на пратэзе, таксама жыхар інтэрната. Бяздомны, вечна беспрацоўны, бацькі памерлі, астатняя радня не ў захапленні ад сваяцтва, і ён прыжыўся тут: дзяржава даплочвае большую частку за яго пражыванне, бо пенсіі ён да сваіх амаль пяцідзесяці гадоў не зарабіў, атрымлівае «сацыялку». Па магчымасці дапамагае інтэрнату па гаспадарчых справах, знаходзячы ў гэтым сваю рэалізацыю. Наталля знаходзіць адхланне яшчэ і ў паэтычным натхненні: піша песні, вершы. Кожны не здаецца па-свойму і разам яны не здаюцца прадыктаваным жыццём догмам. Яны распісаліся ў 2013 годзе, і хоць у інтэрнаце ў іх розныя пакоі, гэта сям’я.
Не ахвяраваць сваімі інтарэсамі і пачуццямі на карысць незразумела кім навязаным схемам — як мінімум смела, а як максімум — варта таго, каб жыць, а не проста працягваць біялагічнае існаванне. Прыклад гэтых людзей хай натхняе іншых. Не проста быць, а радавацца ўсяму, што прапануе жыццё — хіба гэта не ідэал шчаслівага лёсу і паўнакроўнага, паўнацэннага жыцця?
Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.
Р.S. Некаторыя з указаных імёнаў зменены, але ж апісаныя жыццёвыя факты не з’яўляюцца выдумкай.
http://www.vetka.by
|